Галоўная > Гісторыя справы > Суд

Суд

Выкраданьне Зьмітра Завадзкага афіцыйна лічыцца раскрытым. 24 кастрычніка 2001 году Менскі абласны суд прызначыў слуханьні па справе аб выкраданьні Зьм.Завадзкага. Судовы працэс быў абвешчаны закрытым і правадзіўся ў памяшканьні Вярхоўнага Суда. Старшыньстваваў на судзе судзьдзя Менскага абласнога суда Аляксандар Сіманаў.

25 ліпеня 2002 году пракуратура Ленінскага раёну Менску прад’явіла прадстаўніку маці Зьм.Завадзкага адвакату Ігару Аксёнчыку абвінавачваньне ў паклёпе ў адносінах да гэнэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Віктара Шэймана, зьвязаным з абвінавачваньнем у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства.

Зачэпкай для ўзбуджэньня крымінальнай справы стала заява І.Аксёнчыка, зробленая ім для прэсы ў пэрыяд судовага разьбіральніцтва справы аб зьнікненьні Зьм.Завадзкага: “Калі б гэнэральнага пракурора Алега Бажэлка не адхілілі ад пасады, то ў якасьці падазронага па справе аб выкраданьні Завадзкага павінен быць дапытаны цяперашні гэнэральны пракурор Віктар Шэйман”.

Вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага былі прызнаныя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС “Алмаз” Валер Ігнатовіч і Максім Малік (прысуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня). Былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз (прысуджаны да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама раней тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін (прысуджаны да 12 гадоў пазбаўленьня волі) таксама раней праходзілі па справе аб выкраданьні Зьм.Завадзкага, але факт іх дачыненьня ня быў усталяваны судом. Усе прыгаворы былі вынесеныя ў закрытым парадку. Аднак ніводзін зь іх сваёй віны не прызнаў. Цела зьніклага журналіста дагэтуль ня знойдзена.

У сакавіку 2004 году рэспубліканская пракуратура прыпыніла расьследаваньне справы аб выкраданьні Зьм.Завадзкага “у сувязі зь нязнойдзенай бязь вестак зьніклай асобы”. У 2005 годзе расследаваньне было зноў ўзбуджана.

У вачах грамадзкасьці абвінавачваньне па справе Завадзкага і судовае разьбіральніцтва было сфабрыкаванае з мэтай замяць справу вакол выкраданьня. За краты былі адпраўленыя стаўшыя непатрэбнымі выканаўцы, якія зьдзяйсьнілі пазьней па замове ўлады шмат іншых злачынстваў, але не прыналежныя да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.

Галоўнымі падазронымі ў арганізацыі ўстраненьня Зьмітра Завадзкага лічаць Віктара Шэймана, былога галаву МУС Юрыя Сівакова і камандзіра Спэцыяльнага атрада хуткара рэагаваньня Зьмітра Паўлічэнку.

Зараз крымінальная справа, узбуджаная па факце зьнікненьня Зьмітра ЗАВАДЗКАГА, зноўку прыпыненая “у сувязі зь нязнойдзенай бязь вестак зьніклай асобы”. Да слова, за ўсе гэтыя гады справа Завадзкага ўзбуджалася і прыпынялася чатыры разы.

“Існуюць людзі, якіх абвінавацілі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага, і яны знаходзяцца ў руках следчых. Як можна пры гэтым прыпыняць расследаваньне, калі не ўстаноўлена, што адбылося са Зьмітром? Напэўна, сьледзтва, такім чынам, паказвае, што за выкраданьне журналіста асудзілі ня тых людзей. А калі усё-такі прызнаць, што прыгавор групе Ігнатовіча ў гэтай частцы законны, то трэба працаваць з гэтымі людзьмі“, - лічыць юрыст Гары Паганяйла.

“У сапраўдны час беларускія ўлады выбралі адзіна зручны для сябе спосаб абароны. Расследаваньне крымінальнай справы па факце выкраданьня Зьмітра Завадзкага павінна цягнуцца вечна, каб не падпускаць да сакрэтных матар’ялаў грамадзкасьць”, - кажа Сьвятлана Завадзкая.

Навiны жніўня 2010:< | >
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031