|
Галоўная > Гісторыя справы > Прысуджаныя Прысуджаныя
Валер Ігнатовіч не прызнаў сябе вінаватым у выкраданьні Зьмітра Завадзкага. У ізалятары часовага ўтрыманьня ён абвясьціў галадоўку і давёў сябе да такога стану, што ня мог самастойна хадзіць. На допыты да сьледчага, а потым і ў суд, яго насілі на насілках. Як заўважылі журналісты, нават ня верылася, што гэта той самы спэцназавец, які крычаў на папярэднім сьледзтве: "Да здравствует президент!" – і нахабна ўпэўніваў сьледчых, што яго хутка выпусьцяць на волю. У рэшце рэшт, было прынятае рашэньне працягнуць працэс у адсутнасьць галоўнага абвінавачанага. Падчас суду Ігнатовіч не адказваў ні на якія пытаньні. Дар мовы да яго вярнуўся пасьля агалошваньня вэрдыкту – усё, што адбывалася ў залі суду, ён назваў клаўнадаю і замоваю жыда-сіяністаў. Сёньня, па словах бацькоў, Валер Ігнатовіч знаходзіцца ў крайне цяжкім стане... “На адным са спатканьняў у пачатку гэтага году сын сказаў, што патрапіў у турму, таму што прысутнічаў пры размове дзьвух буйных чыноў, па баязьлівасьці аднаго з каторых загінулі людзі, - распавялі бацькі Ігнатовіча журналістам. – І ён яшчэ тады адразу пасьля суду казаў: “Я Завадзкаму зла ня рабіў, ня ведаю яго і ня бачыў ні разу ў жыцьці. Я не вінаваты ні ў чым”. У той дзень, калі выкрадалі Завадзкага, Валера ўвесь дзень быў дома і толькі бліжэй да вечара паехаў у Менск. Сын і сёньня, пры кожным абыходзе начальніка, кажа: “Я невінаваты”. А тады, калі ішло сьледзтва, ведаеце, як яго “дапытвалі”, ён два месяцы кроўю мачыўся? Валера распавядаў аб гэтым адвакату. Калі мы пачалі пісаць скаргі, нас пачалі цягаць паўсюль як паклёпнікаў. Я перакананы: сёньня яны толькі і чакаюць, што Валера памрэ. Але мы спадзяемся на Бога, што ён гэтага ня дазволіць. Іншага абаронцы ў нас не засталося”. Як сьцьвярджаюць сьледчыя, у машыне Ігнатовіча пры вобшуку была знойдзеная рыдлёўка, на каторай экспэрты-крыміналісты выявілі кроў Зьмітра Завадзкага. Але бацькі і адвакаты Ігнатовіча сьцьвярджаюць, што рыдлёўка была падкінутая (так сама лічаць і родныя Зьмітра Завадзкага). “Па-першае, машыну даглядалі не адзін раз, ёсьць нават пратаколы агляду машыны, у каторых ніякая рыдлёўка ня фігуруе, - кажа маці Ігнатовіча. – Па-другое, я сама сабе задаю пытаньне: Ігнатовіч прапрацаваў дастаткова шмат гадоў у праваахоўчых ворганах, няўжо ў яго ня хапіла б вопыта і кемлівасьці, каб рыдлёўку гэтую з сабою не вазіць?.. Атрымліваецца, ад усіх астатніх доказаў ён пазбавіўся, а вось рыдлёўку пакінуў. Увогуле, мне справа падаецца цалкам сфабрыкаванаю. І я лічу, што менавіта таму зараз Валеру ўтрымліваюць у такіх умовах, якія сур’ёзна пагаршаюць яго здароўе. Яны і сёньня спадзяюцца, чакаюць, што Ігнатовіч памрэ. Для іх гэта вельмі зручны варыянт. Калі Ігнатовіч памрэ, ён больш ніколі ня зможа даказаць сваю невінаватасьць”. Іншыя абвінавачаныя ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага таксама адмаўляюць сваю віну і кажуць, што іх падставілі. |
Апошнiя артыкулы: 07 ліпеня 2010 21 траўня 2010 03 траўня 2010 05 красавіка 2010 02 сакавіка 2010 27 лютага 2010 Iнфармацыйныя партнэры |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||


